Біографія максіма танка на белорусском языке

Паэт, падпольшчык і грамадскі дзеяч: сёння нарадзіўся Максім Танк

Непадалёк ад Мядзеля, каля ракі Красноўка, побач з маляўнічым борам знаходзіцца вёска Пількаўшчына. У ёй не так шмат жыхароў, і бадай кожны зможа падказаць дарогу да дома, у якім 106 гадоў таму ў сялянскай сям’і нарадзіўся Яўген Скурко – будучы вялікі паэт Максім Танк.

Дзяцінства: вяртанне на радзіму і польскія школы

Бацькі яго ніколі не былі асабліва заможнымі, але затое вельмі працавітымі. Калі ў 1913 годзе ў сям’і з’явілася магчымасць атрымаць крыху большы кавалак зямлі, яны перасяліліся ў Жукова, але ў 1914 годзе, калі Яўгену было ўсяго два гады, яго бацька Іван Хведаравіч быў мабілізаваны ў армію. Жонка Івана з малым дзіцём на руках накіравалася за ім.

Да 1922 года сям’я Скурко жыве ў Маскве, там праходзяць дзіцячыя гады Яўгена і ён ідзе ў школу. Вучоба давалася хлопчыку лёгка – асабліва ён любіў літаратуру, завучваў на памяць шмат вершаў. Затым яго бацькі вырашылі вяруцца на радзіму, хоць і бянтэжыліся, што родная Мядзельшчына знаходзілася ў той час пад польскай уладай.

Школа там таксама была толькі польская – а маленькі Яўген польскай мовы не ведаў, таму яму прыйшлося год прасядзець дома. Але ўжо наступнай восенню хлопчык пайшоў у школу ў Шкленікава, а ў старэйшыя класы ў 1925 годзе — ужо ў Сваткаўскую школу ў Мядзелі, дзе акрамя вучобы Яўген займаўся ў драматычным гуртку і маляваў.

Юнацтва: першыя літаратурныя творы, камсамольская праца і арышты

Восенню 1926 года юнак паспяхова здаў экзамен у трэці клас Вілейскай рускай гімназіі, дзе правучыўся два гады – пакуль польскія ўлады не закрылі яе. Менавіта там ён піша першыя вершы, але таемна, хаваючы сшытак з імі.

У наступнай школе, дзе ўсяго на працягу некалькіх месяцаў правучыўся Яўген, ён паспеў пазнаёміцца з камсамольскім падполлем. За ўдзел у адной з вучнёўскіх забастовак супраць ліквідацыі беларускіх школ польскімі ўладамі Яўген Скурко быў выключаны з Радашковіцкай гімназіі – і паехаў у Вільню, дзе адразу паступіў у Віленскую беларускую гімназію, але і там вучыўся нядоўга. Усё паўтарылася па радашковіцкаму сцэнару: забастоўка – выдаленне. Яўген правёў лета ў роднай Пількаўшчыне, але вялікі горад вабіў яго, і ўжо восенню юнак зноў паехаў у Вільню, каб паступіць там на курсы тэхнікаў-меліяратараў – нічога дзіўнага ў гэтым выбары не было, толькі там Яўген пасля двух выдаленняў мог вучыцца без паліцэйскага пасведчання аб добранадзейнасці.

Пасля, у 1930-1932 гадах, Яўген Скурко вучыўся ў Віленскай рускай гімназіі імя Пушкіна. Там ён працягвае сваю прапагандысцкую і літаратурную дзейнасць, пачынае збіраць фальклор, разам з сябрам Янкам Гарохам выдае рукапісны часопіс «Пралом», дзе ўпершыню з’яўляюцца яго вершы і апавяданні, але пад псеўданімамі — Д. Сівер, А. Граніт.

Як карэспандэнта падпольных выданняў яго не аднойчы арыштоўвалі і дапытвалі, сядзеў ён і ў турме – але быў выпушчаны пад заклад і зноў вярнуўся на радзіму.

У 1932 годзе па загадзе ЦК камсамола Заходняй Беларусі Яўген накіроўваецца на Наваградчыну, дзе, па сутнасці, жыве ў нелегальным становішчы, пакуль у роднай Пількаўшчыне яго шукае паліцыя. У 1933 годзе Яўген Скурко зноў арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення, і хоць апеляцыйны суд пастанавіў зменьшыць пакаранне да двух гадоў умоўна, у турму юнак неўзабаве ўсё ж такі патрапіў – і быў у зняволенні да канца 1934 года.

У 1935 годзе Яўген Скурко, так і не атрымаўшы атэстат сталасці, самастойна рыхтуецца да экзаменаў, каб паступіць ва ўніверсітэт. Прыкладна праз год выходзіць першы зборнік яго вершаў – «На этапах», але кніга амаль адразу была канфіскаваная, а юнак – зноў арыштаваны.

У 1937 годзе Яўген, які пэўны час ужо друкуецца пад псеўданімам Максім Танк, скончыў сваю першую паэму «Нарач». За ёй рушылі «Сказ пра Валя» і яшчэ адна паэма – «Журавінавы цвет», якая ўвайшла потым у аднайменны зборнік. Імя Максіма Танка пачынае набываць вядомасць.

Але падзеі 1938 года прымусілі паэта прыпыніць літаратурную дзейнасць і некаторы час зарабляць на жыццё працай на складзе, але і гэтак пражыць у Вільні было немагчыма, і Максім Танк вяртаецца дадому. На першы дзень вызвалення Беларусі ён піша верш «Здарова, таварышы».

Вайна і пасляваенныя гады

У 1940-м годзе Максім Танк ажаніўся з Любоўю Асаевіч, з якой пазнаёміўся падчас вучобы ў беларускай гімназіі.

На радзіме Максім Танк працуе ў абласной газеце «Вілейская праўда» – і друкуецца ў ёй жа, але пры першай жа магчымасці з’язджае ў Беласток, дзе яго і застае Вялікая Айчынная вайна. Разам з сям’ёй ён рушыць у Саратаўскую вобласць, дзе спрабуе запісацца на фронт, але разам з іншымі літаратурнымі дзеячамі трапляе на работу ў газету «За Савецкую Беларусь», а потым працуе адказным сакратаром партызанскага сатырычнага агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Вершы, якія Максім Танк напісаў падчас вайны, увайшлі ў зборнік «Вастрыце зброю», які ўбачыў свет у 1945 годзе.

Пасля вайны Максім Танк займаецца выдавецкай дзейнасцю, працуе ў часопісе «Вожык», а з 1948 года становіцца галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». У тым жа годзе выходзіць яго зборнік «Каб ведалі», адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Рэдактарам Максім Танк працуе да 1966 года, а потым – па 1990 год – узначальвае Саюз пісьменнікаў Беларусі. Таксама ён быў дэпутатам Вярхоўных Саветаў СССР і БССР, старшынёй Вярхоўнага савета Рэспублікі VІ-VІІ скліканняў і членам Савецкага камітэта абароны міру. У гэтыя гады паэт напісаў больш сарака кніг і безліч вершаваных твораў.

Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 года – ён толькі на чатыры месяцы перажыў сваю каханую жонку і быў пахаваны з ёй у адной труне, на радзіме паэта.

Зборнік «Errata», які выйшаў пасля смерці Максіма Танка, змясціў яго вершы, напісаныя ў апошнія гады. Імя паэта носіць Педагагічны ўніверсітэт і каледж у Мінску, цэнтральная раённая бібліятэка ў Мядзелі, Святкаўская сярэдняя школа і Мядзельская раённая бальніца, у яго гонар названы вуліцы ў Мінску і Мядзелі. Нацыянальны банк Беларусі 29 жніўня 2013 года ўвёў у абарачэнне памятную манету «Максім Танк. 100 гадоў».

Чытайце таксама:

Источник

Біяграфія Максіма Танка

Фармiраванне будучага выдатнага паэта праходзiла ва ўмовах бурных, складаных i супярэчлiвых падзей першай сусветнай вайны i бежанства ў Расii.

У 1914 годзе сям’я Яўгена была змушаная выехаць у эвакуацыю й пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой – паводле ўмоваў Рыскага замірэньня адышла да Польшчы.

Читайте также:  Изучение английского языка уровень pre intermediate

Восень 1926 года прывяла будучага паэта Максіма Танка, а тады яшчэ маладога Яўгена Скурко ў Вілейку, куды ён паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі. Хаця таго магло і не атрымацца. Бо сям’я не мела дастаткова грошай на далейшае навучанне сына. У рукапіснай аўтабіяграфіі паэта зазначаецца: “Бацькі мае хацелі, каб я пайшоў вучыцца далей. Але непрыхільна на гэта глядзелі хатнія, баючыся лішніх расходаў у гаспадарцы. Маці плакала начамі, прасіла дзеда, каб пусціў мяне вучыцца ў Вілейку, дзе ў той час была сярэдняя школа. Стары згадзіўся. За лета, пасучы статак, я падрыхтаваўся да экзамена, які я здаў і быў прыняты…”. Хутчэй за ўсё гэта было першае яго знаёмства з горадам. Хаця звязаны лёс Яўгена Іванавіча з Вілейшчынай быў ужо ад пачатку жыццёвага шляху. У гімназіі паэт вучыўся даволі паспяхова. Менавіта там настаўніца рускай мовы і літаратуры Аглаіда Венядзіктаўна Мажухіна прывіла хлопчыку Яўгену любоў да літаратуры, заахвоціла да творчасці. Там жа ён і зрабіў сваю першую літаратурную спробу, пераказваючы ў вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера (у Шкленікова паэт хадзіў у польскую пачатковую школу). Але ўжо восенню 1928 года Яўгену Скурку прышлося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягваў спасцігаць вучнёўства з прычыны закрыцця Вілейская гімназія польскімі ўладамі.

Малады М.Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiленскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветную дзейнасць, за што падвяргаўся праследаванню польскай дэфензiвы, арыштам i турэмнаму зняволенню на Лукiшках.

У БССР былі допыты ў засценках НКУС. Пасля непрацяглага зняволення паэта засылаюць назад на тэрыторыю “крэсаў усходніх”. З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь (дзесьці пасля 4 снежня 1939 г. – са стварэння Вілейскай вобласці), Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну, але ўжо легальна. Ён працуе у сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы. Таксама працуе ў аддзеле культуры ў абласной газеце “Вілейская праўда” (выдавалася з лістапада 1939 па люты 1940). Дзесьці ў гэты час Максім Танк дапамог уладкавацца на працу ў газету паэтцы Наталлі Арсенневай. Па ўспамінах Танка, яна працавала стуль рэдактарам.

У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму “Нарач”. Паэма была навеяная Нарачанскай забастоўкай рыбакоў, якая рэхам прайшла па азёрах суседняй Вілейшчыне і даволі далёкім Палессі. З-за цэнзуры цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Таму аўтару прыходзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў “Калосьсі”. І тым не менш некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы.

Акурат у той жа час інспектарам Куранецкага райана працавала пачынаючая паэтка Ганна Новік. У Вілейцы яна пазнаёмілася з сваім калегам Максімам Танкам. І гэтае знаёмства значна паўплывала на далейшае літаратурнае жыццё паэткі. Як адзначыў даследчык творчасці Яўгена Іванавіча Мікола Мікуліч, тое, што Ганна Аляксееўна “пачала спрабаваць сябе ў жанрах паэмы, апавядання, аповесці, нарыса, – вялікая заслуга Максіма Танка”. Праўда тое не заўжды атрымлівалася.

У 1941 пачалася вайна. Ганна Аляксееўна партызаніла ў беларускіх лясах. Яўген Іванавіч спачатку быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць, а затым мабілізаваны ў шэрагі Чырвонай Арміі.

У 1938 годзе малодшая сястра Танка Вера выйшла замуж за Браніслава Лётку, які жыў на хутары каля вёскі Сэрвач (Вілейшчына). У час вайны яна загінула ад рук партызан. Магіла Веры знаходзіцца на Касцяневіцкіх могілках, дзе паэт бываў затым не аднойчы.

Пасля быў 1945, які прынёс доўгачаканую перамогу. Максім Танк быў першым з літаратараў, хто тады адгукнуўся на вестку былой заходнебеларускай паэткі, прапанаваў ёй сваю дапамогу.

Творчасць М. Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара. Вялiкую папулярнасць у чытача набылi яго вершы «Спатканне», «Песня кулiкоў», «Чорныя скiбы», «Да дня», «Акт першы», «Тры песнi», «Паслухайце, вясна iдзе. «, «Раманс», «На пероне» i iнш. Лiрычны герой паэта прываблiваў паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю i нязмушанасцю сваiх паводзiн i ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасцi, жыццесцвярджальныя сiлы грамадства. Ён засяродзiўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету свайго сучаснiка. Фiласофская лiрыка суседнiчала ў паэта з сатырычнымi творамi, пейзажныя матывы i вобразы перапляталiся з выяўленнем асаблiвасцей iнтымнага свету героя, традыцыйныя, сiлаба-танiчныя вершы змянялiся дольнiкамi i верлiбрамi i iнш. І ўсе цi амаль усе яны хораша ўражвалi багаццем i разнастайнасцю моўна-выяўленчых, мастацка-стылiстычных сродкаў.

Выконваючы высокую мiсiю гераiчнага змагання за свабоду i незалежнасць роднай Бацькаўшчыны, М. Танк годна прайшоў дарогамi ахвярнага ваеннага лiхалецця, якое з’явiлася своеасаблiвым працягам заходнебеларускага перыяду жыцця i творчасцi паэта. У гады вайны ён працуе ў газеце «За Савецкую Беларусь», агiтплакаце «Раздавiм фашысцкую гадзiну», пiша i выдае паэму «Янук Сялiба» (1943), зборнiкi вершаў «Вастрыце зброю» i «Праз вогненны небасхiл» (1945).

Адзначаныя i многiя iншыя якасцi i асаблiвасцi творчай iндывiдуальнасцi М. Танка напоўнiцу раскрылiся ў пасляваенны перыяд духоўна-эстэтычных пошукаў i здабыткаў паэта.

На Вілейшчыне Танк-палітык прымаў нават замежныя дэлегацыі. Так, 12 снежня 1979 года на паляванне, якое адбылося дзякуючы дырэктару Вілейскага лясгаса Мікалаю Васільевічу Шчаснаму, прыехалі генеральны консул ПНР у Беларусі – Юзэф Мруз, генеральны консул ГДР у Беларусі – Леапольд Волерт, генеральны сакратар пасольства ГДР у СССР – Курт Цімшэ і іншыя высокапастаўленыя асобы.

Вялiкая i плённая грамадска-сацыяльная дзейнасць i багатая i шматстайная лiтаратурна-творчая праца М. Танка былi адзначаны прысваеннем яму высокiх званняў.

Памёр М. Танк 7 жнiўня 1995 года.

Источник

Беларуская літаратура. 10 клас

Максім Танк

* Біяграфія

Максім Танк (Яўген Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці).

У час Першай сусветнай вайны бацьку мабілізавалі ў войска, a маці разам з сынам у 1914 годзе была змушана выехаць у эвакуацыю і пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, пачаў чытаць першыя кнігі.

Калі ў 1922 годзе сям’я вярнулася на Радзіму, Беларусь была ўжо падзелена на Усходнюю і Заходнюю. З верасня 1923 года Яўген пачаў вучыцца ў польскай пачатковай школе ў вёсцы Шкленікова.

Восень 1926 года прывяла будучага паэта ў Вілейку, куды ён паступіў у трэці клас рускай прыватнай гімназіі, хоць сям’я не мела дастаткова грошай на далейшае навучанне сына. У аўтабіяграфіі паэт зазначаў: «Бацькі мае хацелі, каб я пайшоў вучыцца далей. Але непрыхільна на гэта глядзелі хатнія, баючыся лішніх расходаў у гаспадарцы. Маці плакала начамі, прасіла дзеда, каб пусціў мяне вучыцца ў Вілейку, дзе ў той час была сярэдняя школа. Стары згадзіўся. За лета, пасучы статак, я падрыхтаваўся да экзамену, які здаў і быў прыняты…»

Менавіта ў гімназіі настаўніца рускай мовы і літаратуры Аглаіда Венядзіктаўна Мажухіна прывіла Яўгену любоў да літаратуры, заахвоціла да творчасці. Там жа ён і зрабіў сваю першую літаратурную спробу — пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, якую ведаў ад свайго дзеда Хведара; напісаў некалькі вершаў.

Читайте также:  Как определить спряжение глагола латинском языке

Але ўжо ў 1928 годзе Яўгену Скурко давялося ехаць у Радашковічы і працягваць навучанне ў беларускай гімназіі, бо навучальная ўстанова ў Вілейцы была закрыта польскімі ўладамі.

Пазней юнак падаўся здабываць веды ў Вільню. Апошнім месцам яго навучання стала руская гімназія імя А. С. Пушкіна.

Ужо на пачатку самастойнага жыццёвага шляху вясковы хлопец усвядоміў сябе беларусам і не мог прыняць паланізатарскай палітыкі тагачаснай польскай улады. Юнак выбраў цяжкі шлях падпольшчыка, каб разам з іншымі прынесці ў родны край вызваленне.

На танальнасць ранняй паэзіі Максіма Танка наклалі адбітак палітычная сітуацыя ў Заходняй Беларусі і асабісты лёс самога паэта: актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці, арышты, турмы. Максім Танк як сапраўдны патрыёт уключыўся ў барацьбу з акупацыйным рэжымам Польшчы. Паэту верылася, што хутка народ скіне ярмо нявольніцтва, аб’яднаецца з усходнімі братамі. Свой настрой ён раскрыў у вершах зборніка «На этапах» (1936), канфіскаванага польскай паліцыяй. Захаваліся толькі нешматлікія экзэмпляры. Назва кнігі, якая пераклікаецца з загалоўкам часопіса «Кра´ты», што пісаўся ад рукі ў турме, патрыятычная: паэт славіў этапы барацьбы за волю, рыхтаваўся да яе і рыхтаваў іншых.

Максім Танк засяродзіўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету сучаснiка. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў вершах «Спатканне», «Паслухайце, вясна ідзе…», «На пероне», «Песня кулікоў» і інш.

У паэзіі Максіма Танка перыяду яго жыцця ў Заходняй Беларусі прысутнічалі і народныя матывы. На фальклорнай аснове грунтавалася першая паэма «Нарач» (1935). У хуткім часе паэт апрацаваў чутую ў дзяцінстве легенду пра Вяля («Сказ пра Вяля») і напісаў новую эпічную паэму «Журавінавы цвет». Гэтыя два буйныя творы і новыя вершы склалі аднайменны зборнік, які ўбачыў свет у 1937 годзе. У кнізе «Пад мачтай», якая выйшла ў 1938 годзе, Максім Танк паказаў сябе нацыянальным паэтам, сапраўдным майстрам мастацкага слова.

Навукоўцы гавораць. Ужо ў ранняй лірыцы Максіма Танка часам прысутнічаюць гранічна суб’ектыўныя колеравыя асацыяцыі і візуальныя эфекты («Ды на ліха дала ёй ночка цёмная бровы, // Залатым напаіўшы вочы цветам ліповым»; «сіня-залаты чарот»; «Букет пралесак залаціцца»).

Падобны спосаб стварэння зрокавага малюнка захаваўся і пазней. Тлумачыцца ён не толькі прыхільнасцю паэта да імпрэсіяністычнай вобразнасці, але, верагодна, і ў пэўным сэнсе фізіялагічнымі адметнасцямі аўтара: ён не адрозніваў некаторыя колеры. Так, верш Максіма Танка «Колер снегу» (1966) заканчваецца словамі «Вось так і не знаю, // Які колер снегу // Сапраўдны» (Паводле Алы Брадзіхінай і Віктара Жыбуля).

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года Максім Танк сустрэў вершам «Здарова, таварышы!». Падзея стала лёсавызначальнай для ўсяго беларускага народа: ён аб’яднаўся ў адной дзяржаве, за што вёў ахвярнае змаганне. Пра гэты дзень паэт марыў не раз. Ён бачыў яго з этапных дарог і турэмных камер. Верш напісаны ў форме прывітання і прасякнуты радасным настроем.

Вялікая Айчынная вайна застала Максіма Танка ў Беластоку. Пасля эвакуацыі ў Саратаў паэт папрасіўся на перадавую і быў накіраваны ў газету «За Савецкую Беларусь» (Бранскі фронт).

У ваеннай лірыцы, сабранай у зборніках «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (1945), цэнтральны вобраз — Беларусь-партызанка, паланёная, але няскораная. Першыя вершы, якімі пачалася ваенная тэма ў творчасці паэта, мелі характар заклікаў. Такая форма непасрэднага звароту, публіцыстычнага маналогу найбольш адпавядала грозным і трагічным падзеям, на якія трэба было адгукнуцца неадкладна. «Не шкадуйце, хлопцы, пораху. » — наказваў Максім Танк беларускім партызанам.

Гэтай формай верша-закліку паэт будзе карыстацца і пазней. «Вастрыце і куйце зброю, // Браты мае і сябры!» — звернецца ён да воінаў, якія з цяжкімі баямі гналі ворага на захад.

Тэмы і вобразы твораў Максіма Танка вельмі разнастайныя. Большасць з іх вызначаецца публіцыстычнай накіраванасцю, высокім грамадзянскім пафасам. Нянавісць і гнеў да праклятага ворага, боль за пакуты народа, мужная вера ў перамогу — галоўныя матывы вершаў ваеннай пары. З вялікай любоўю намаляваны вобраз Радзімы, лёс якой хвалюе паэта. У вершы «Хмары з захаду» (1941) усё нагадвае паэту пра боль і пакуты Бацькаўшчыны: і заходнія вятры, якія быццам скардзяцца на гора, што напаткала Беларусь, і журавы, якія шукаюць выратавання ад пажараў родных вёсак, пералятаючы на ўсход. Птушкі напамінаюць, як родная зямля чакае сваіх сыноў і спадзяецца на іх. «Настане дзень баёў апошніх » — так з непахіснай верай у перамогу напісаў Максім Танк у вершы «Мы вернемся» (1941).

Матыў салдацкай дарогі, шляху да перамогі характэрны для ваеннай творчасці паэта. Лірычны герой, які «…можа, сотню раз прайшоў // па роднай старане» («Я, можа, сотню раз прайшоў…», 1941), марыць «у свой край вярнуцца песняй баявой. // Вярнуцца песняй у далёкі дом, // Слязой гарачай — да вясняных вод, // Вярнуцца сонцам і яго святлом. // Заззяць у сэрцы матак і сірот» («На брацкай зямлі», 1945).

У вершах ваеннага часу Максім Танк апяваў подзвіг беларускага народа, расказваў пра аднаўленне жыцця на руінах гарадоў і сёл.

У гэты ж час ён услаўляў родную мову, заклікаў зберагчы яе, захаваць і перадаць наступным пакаленням.

Максім Танк у дзённіках «Лісткі календара» пісаў пра паэзію так: «Паэзія наша — цяжкая, як камень, вырваны з бруку падчас вулічных баёў, немілагучная — як стогн ці крык, чырвоная — як пралітая кроў».

Верш « Родная мова » (1943) напісаны ў крытычны для Радзімы час, калі «над спаленай хатай, над родным загонам, над будучыняй» стаяў «акрываўлены вораг з пятлёй». Твор з’яўляецца сапраўдным узорам патрыятычнай лірыкі, велічным гімнам роднаму слову.

Другая страфа паказвае велічную моц роднага слова, якое, на думку паэта, з’яўляецца адной з тых магутных сіл, што здольны супрацьстаяць варожай навале. У гэтай частцы верш прамаўляецца як клятва вернасці Радзіме: «Няма такіх нетраў, глыбокага мора // І гор, праз якія б ты не правяла // Мяне на Радзіму…», якая была і штовек будзе вольнай.

У трэцяй страфе — жыццесцвярджальнай і аптымістычнай — гучыць ідэя бессмяротнасці беларускай мовы і народа, які павінен захаваць свой духоўны скарб і пранесці яго «святлом незгасальным у сэрцы сваім // Праз цемру і годы змаганняў суровых». Роднае слова валодае надзвычайнай сілай, бо можа шмат разоў прашумець вясновым дажджом, які не толькі ажывіць зямлю, але і ўзбагаціць душу: «Ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце, // Цымбалам дасі іх сярэбраны гром // І вусны расквеціш усмешкай дзіцяці». Такім чынам, мова атаясамліваецца са сродкам і вялікай сілай выратавання беларусаў як народа, нацыі.

Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. I ўсё ж галоўныя тэмы, якія праходзяць праз усю яго творчасць, — Радзіма: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях; праца, жыццё, мары, пачуцці людзей; маляўнічая прырода; родная мова. Тэма памяці з’яўляецца надзённай і гучыць не толькі ў вершах ваеннага часу, але і ў далейшай творчасці Максіма Танка.

Читайте также:  В чем заключается познавательная функция языка

У пасляваенныя дзесяцігоддзі талент паэта быў прызнаны: яму прысуджаны літаратурныя прэміі за зборнікі паэзіі. У 1968 годзе Максім Танк атрымаў ганаровае званне народнага паэта БССР.

Верш « Рэквіем » (1944) — даніна памяці воінам, якія загінулі ў змаганні за свабоду Радзімы. Вобразы «адплыўшых у прасторы» салдат адышлі ў вечнасць, каб зберагчы жыццё наступных пакаленняў, даць ім моц, духоўную сілу і ўсведамленне прыгажосці, велічнасці і каштоўнасці зямнога быцця.

У творы «святло касмічным пылам // рассыпалася ў зале», і загучала сага 2 пра «мужнасць і адвагу // загінуўшых герояў». Сага ўпамінаецца аўтарам невыпадкова: гэта адна з разнавіднасцей гістарычнага эпасу, здольнага расказаць пра ўзвышанае і гераічнае — подзвіг байцоў.

Але словы не здольныя да канца перадаць напружанасць баявых дзеянняў, душэўны стан і пакуты воінаў. Гэта можа зрабіць толькі музыка, якую «на клавішах-ільдзінах» спявае раяль. На думку паэта, безыменныя героі не павінны знікнуць бясследна. Рукі піяністкі, шукаючы «любімых», «як чайкі ў буру», не знаходзілі спакою: яны «то прабавалі ўзняцца, то падалі ў глыбіны». Рукі выканаўцы ў вершы — гэта «промені світання», якім пад сілу азарыць мора і адлюстраваць веліч людскіх сэрцаў, што нават «з марскога дна» гатовы клапаціцца пра сваіх нашчадкаў і абараняць іх: «Мы ля гармат, мы жывы!».

Тэма памяці з’яўляецца надзённай не толькі ў вершах ваеннага часу, яна гучыць і ў далейшай творчасці Максіма Танка.

2 Са́га — старажытнае скандынаўскае паэтычнае паданне.

Источник

Максім Танк. Сціплы герой

У нашай гісторыі шмат неадназначных датаў і столькі ж неадназначных постацяў. Дагэтуль дата 17 верасня, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, выклікае шмат дыскусій і спрэчак. Сімвалічна, што ў гэты дзень у 1912 годзе нарадзіўся Максім Танк, беларускі паэт, рэвалюцыянер і дзяржаўны дзеяч, які сваім жыццём увасабляў барацьбу беларускага народа за самавызначэнне.

Малады Яўген Скурко позна пазнаёміўся з беларускай літаратурай. Спачатку было знаёмства з літаратурай рускай, якую будучы паэт вывучаў падчас знаходжання з сям’ёй у Маскве. У той час многія беларусы праз наступствы Першай сусветнай вайны вымушаныя былі стаць уцекачамі. Добра, дарэчы, гэтую з’яву апісаў у сваіх артыкулах і кнізе ўспамінаў “На жыццёвым шляху” віленчук Янка Багдановіч – сучаснік Максіма Танка. Пасля вяртання на радзіму будучы паэт знаёміцца з польскай культурай і літаратурай. І толькі ў сярэдзіне 1920-х ён знаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці, з вершамі Янкі Купалы. Гэтае знаёмства стане асноўным штуршком для ягонай творчасці ў будучыні.

Акрамя паэзіі малады Яўген Скурко актыўна цікавіцца палітыкай і ўдзельнічае ў рэвалюцыйным руху, які разгарнуўся ў адказ па палітыку ўрада Другой Рэчы Паспалітай, далучаецца да самай радыкальнай беларускай арганізацыі – КПЗБ. Ужо па ранніх вершах паэта можна заўважыць, што ён быў не проста беларусам левых перакананняў, але і нацыяналістам. За сваю дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў на Лукішках, дзе здолеў наладзіць выданне рукапіснай газеты “Краты”. Свежанадрукаваны дэбютны зборнік вершаў Максіма Танка “На этапах” быў канфіскаваны паліцыяй у 1936 годзе.

Пра свае маладыя гады Максім Танк пакінуў вельмі шчырую кнігу ўспамінаў “Лісткі календара”, у якой аматары заходнебеларускай культуры могуць сустрэць шмат цікавостак. Гэта, бадай, адна з найлепшых, калі не найлепшая кніга пра вірлівае жыццё міжваеннай Вільні, напісанае беларусам.

Пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, Максім Танк займаў самыя розныя пасады, ад галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” да старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Да свайго становішча ён заўжды ставіўся сціпла: не насіў узнагародаў, не пантаваўся, дапамагаў чым мог людзям, у тым ліку рэпрэсаванай савецкімі ўладамі паэтцы Ларысе Геніюш.

Часцяком некаторыя нашы “адраджэнцы” спрабуюць выставіць Максіма Танка зашораным камуністам, які слепа верыў у савецкія ідэалы, такім сабе “агітацыйна-плакатным” паэтам. Насамрэч гэты чалавек з добрым падпольным вопытам быў не такім простым, як здаваўся. Да ўсяго, яшчэ ўмеў і трапна пажартаваць.

Янка Брыль у сваіх успамінах пра Максіма Танка згадвае такі эпізод: “Вясной пяцьдзясят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, што называецца “нагляднай агітацыяй”, – ні партрэтаў, ні лозунгаў…

– Во! – засмяяўся Максім. – А ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе, – з-за кожнага куста цікуе член палітбюро. ”

Гэта было ў траўні, калі група беларускіх літаратараў выправілася ў Югаславію, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтай паўднёваславянскай краінай. Па дарозе заехалі ў Венгрыю. Не пазбаўлены любові да прыгожага, Танк у тыя дні пісаў: “Цэлы дзень наша сімпатычная правадніца Маргарыта Сігеці знаёміць з музеямі, з гістарычнымі помнікамі Будапешта. Стаміліся чартоўскі, вандруючы па гэтым цудоўным горадзе. Я ў захапленні гляджу на яго самабытную архітэктуру, у якой адчуваецца шматвекавая гісторыя венгерскага народа. І можна толькі пазайздросціць, што ўсё гэта захавалася да нашага часу, хоць над горадам не раз бушавалі вогненныя навальніцы”. У чарговы раз вогненныя навальніцы загрымяць над горадам увосень таго ж года, калі савецкія войскі будуць займацца падаўленнем паўстання супраць мясцовага камуністычнага рэжыму.

Максім Танк шмат паездзіў па свеце і добра апісаў свае вандроўкі па самых розных краінах, што для савецкага грамадзяніна ў тыя часы было за межамі рэальнасці. Увогуле, ягоныя ўспаміны – гэта надзвычай цікавае чытво. У дзвюх кнігах дзённікаў (тамы 9 і 10 са збору твораў) адлюстраванае не проста жыццё чалавека, але станаўленне сусветна вядомай асобы. Танкаўскія занатоўкі – гэта прыватныя думкі, упісаныя ў кантэкст вялікіх падзей, непасрэдным удзельнікам якіх ён часцяком і быў. Выразна бачная эвалюцыя галоднага і беднага рэвалюцыянера ў рэспектабельнага дзяржаўнага чыноўніка, які здолеў не страціць запалу ва ўласнай творчасці да самага скону. І не дзіва, што часам цяжка нават вызначыць, што ўсё ж цікавейшае: паэзія Максіма Танка ці жыццё Яўгена Скурко.

Максім Танк вельмі цяжка пераносіў развал Савецкага Саюза, але разам з тым ужо ў 1993 годзе перажываў, што не змог трапіць на свята з нагоды Дня Незалежнасці, якое ў тыя часы адзначалася 27 ліпеня, у дзень, калі Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Дзяржаўнымі сімваламі ў той час былі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг, якім малады паэт Яўген Скурко (яшчэ не Танк) прысвяціў адзін са сваіх першых вершаў пад назвай “Ты чуеш, брат?”. Напісаны ён быў у 1930 годзе, калі пра будучага літаратара яшчэ мала хто ведаў. Вельмі сімвалічна, што пад гэтым сцягам яго і пахавалі, калі Яўген Іванавіч Скурко пайшоў з жыцця 20 гадоў таму – у жніўні 1995 года.

Источник

Интересные факты из жизни