Биография франциска скорины на белорусском языке

Францыск Скарына

Нельга ўявіць беларускую літаратуру эпохі Адраджэння без творчай спадчыны Францыска Скарыны, які быў яркай індывідуальнасцю, чалавекам з энцыклапедычнай адукацыяй і гуманістычнымі імкненнямі.
Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца, што вёў гандаль у многіх гарадах. Дата нараджэння яго дакладна невядома. Вучоныя мяркуюць, што гэта прыкладна 1490 год. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся пісаць і чытаць. Атмасфера бацькоўскага дому будзіла ў хлапчуку цягу да пазнання свету і навук, якія гэты шырокі свет тлумачылі, паказвалі чалавеку, як у свеце арыентавацца, каб не трапляць у прыкрыя канфлікты і не натыкацца на небяспечныя перашкоды. Праз сям’ю набыў Скарына любоў і павагу да роднага Полацка, навучыўся ганарыцца сваім народам.
Каб заняцца навукай, Скарыну спатрэбілася вывучыць латынь – тагачасную мову навукі. Нейкі час ён вучыўся ў Вільні, каб падрыхтавацца да паступлення ў вышэйшую школу.
У 1504 годзе дапытлівы і здатны палачанін у ліку васьмі юнакоў з полацкага біскупства трапляе ў сцены Кракаўскага ўніверсітэта, дзе штудзіруе філасофію і праз два гады атрымлівае першую вучоную ступень бакалаўра. Але на гэтым не канчаюцца яго пошукі ведаў. У любым з еўрапейскіх універсітэтаў ён павінен быў атрымаць ступень магістра свабодных навук, што давала права паступаць на больш «высокія» факультэты, якімі тады лічыліся медыцынскі і тэалагічны.
У 1512 годзе ён ужо абараняе дыплом доктара медыцыны ў італьянскім горадзе Падуі, які славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам. Падуанскія медыкі мелі добрую батанічную базу: студэнты самі вырошчвалі там лекавыя травы, гатавалі мікстуры. На пасяджэнні медыцынскай калегіі ў касцёле Святога Урбана было вырашана дапусціць Францыска Скарыну да экзамену на атрыманне вучонай ступені доктара лекарскіх навук. Два дні адказваў Скарына на пытанні ганаровых вучоных калегіі, абараняў свае веды і погляды. Ён аднагалосна быў прызнаны годным вучонага тытула, які ў некаторых еўрапейскіх краінах прыраўноўваўся тады да шляхецкага звання. Можа, менавіта тады і зарадзілася ў Скарыны дзёрзкая мара перакласці на родную мову і выдаць усе кнігі Бібліі.
Заручыўшыся падтрымкай і матэрыяльнымі сродкамі спонсараў, Скарына едзе ў чэшскую Прагу, дзе пачынае перакладаць і з 1517 года друкаваць кнігі Бібліі. Гэта знамянальная падзея была пачаткам беларускага кнігадрукавання. Скарына выдаў дваццаць тры кнігі Бібліі. Ён пераклаў гэтыя творы на тагачасную беларускую пісьмовую мову. Скарына праявіў ініцыятыўнасць і разборлівасць, знаходзячы ў чужым горадзе таленавітых мастакоў і гравёраў, рупных наборшчыкаў і друкароў, дастаў належнае абсталяванне, матэрыялы і дабіўся, каб яго кніга стала адным з узорных выданняў свайго часу.
Жыццёвы шлях Скарыны ў многім паказальны для людзей эпохі Адраджэння. Любоў да ведаў, шырыня адукацыі спалучыліся ў яго з высокай грамадзянскай культурай, дзелавітасцю і смеласцю, уменнем ставіць наватарскія задачы і разумна вырашаць іх. Энцыклапедычна адукаваны вучоны, Скарына быў і арыгінальным мысліцелем, і даравітым пісьменнікам, плённым публіцыстам і перакладчыкам, вынаходлівым і дзелавым чалавекам. Багацце асобы Скарыны ставіць яго побач з найвыдатнейшымі людзьмі эпохі Адраджэння, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, у адзін рад з культурай еўрапейскай.
(456 слоў)

Источник

Францыск Скарына – духоўна-асвецніцкі сімвал Беларусі

«Напісанае застаецца»

З’яўленне перакладаў біблейскіх кніг у славян звязана з перакладчай дзейнасцю св. Кірыла і Мяфодзія ў другой палове IX стагоддзя. Арыгіналамі для іх перакладаў былі Візантыйскія грэчаскія спіскі біблейскіх кніг.

Царкоўнаславянская (стараславянская) мова, на якой выкананы першыя пераклады, распрацавана Кірылам і Мяфодзіем на аснове роднага для іх балгара-македонскага дыялекту. Напрыканцы X стагоддзя спіскі славянскіх перакладаў біблейскіх кніг трапілі з Балгарыі на Русь, і ўжо ў XI стагоддзі ўсходнім славянам былі вядомыя асноўныя паўднёва славянскія біблейскія пераклады.

Біблейскія пераклады, выкананыя ў XIV–XV стагоддзі ў Чэхіі, таксама аказалі ўплыў на лёс біблейскіх кніг у ўсходніх славян. Чэшская Біблія ўзнікла як пераклад з латыні і атрымала шырокае распаўсюджанне ў XIV стагоддзі. У 1488 годзе яна была надрукавана у Празе і аказала значны ўплыў на культурнае жыццё суседніх славянскіх народаў.

А ў пачатку XVI стагоддзя Францыск Скарына пераклаў Біблію на царкоўнаславянскую мову ў беларускай рэдакцыі.

Паходжанне

Скарына Францыск (Францішак) нарадзіўся ў Полацку.

Супастаўленне ўніверсітэцкіх актаў (паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт у 1504, у акце Падуанскага ўніверсітэта 1512 г. названы «маладым чалавекам») дае магчымасць прыняць 1490 год як прыблізны год яго нараджэння (магчыма 2-я пал. 1480-х г.).

Даследчыкі лічаць, што прозвішча «Скарына» ўтварылася ад старажытнага слова «скора» (скура) або «скорина» (скарынка).

Першыя дакладныя звесткі пра сям’ю Скарынаў вядомы з канца XV ст.

Бацька Францыска — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе расійскіх пасольскіх прэтэнзій 1492 года да полацкіх купцоў. Старэйшым братам Францыска Скарыны быў Іван, каралеўскі дэкрэт называе яго адначасова віленскім мяшчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя беларускага першадрукара. У сваіх выданнях Скарына больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Францыск», зрэдку — «Францишек».

Жыццёвы шлях

Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць па Псалтыры і пісаць кірылічнымі літарамі. Мову тагачаснай навукі – латынь – ён засвойваў, хутчэй за ўсё, у школе пры каталіцкім касцёле ў Полацку ці Вільні.

У 1504 годзе дапытлівы і прадпрымальны палачанін паступіў ва ўніверсітэт у Кракаве, які на той час славіўся ў Еўропе сваім факультэтам вольных мастацтваў, дзе вывучалі граматыку, рыторыку, дыялектыку (цыкл «трывіум») і арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку (цыкл «квадрывіум»).

Навучанне ва ўніверсітэце дазволіла Скарыне зразумець, які шырокі кругагляд, практычныя веды нясуць чалавеку «сем вольных мастацтваў».

Усё гэта ён бачыў у Бібліі і ўсю будучую перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць накіраваў на тое, каб зрабіць яе даступнай «людем посполитым».

У 1506 годзе Скарына атрымаў сваю першую вучоную ступень бакалаўра філасофіі.

Каля 1508 года Ф. Скарына служыў сакратаром у дацкага караля.

Каб працягваць вучобу на самых прэстыжных факультэтах універсітэтаў Еўропы, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Скарыне трэба было атрымаць яшчэ і ступень магістра мастацтваў.

Дакладна невядома, зрабіў ён гэта ў Кракаўскім ці якім іншым універсітэце, але ў 1512 годзе ён прыбыў у Італію ў праслаўлены Падуанскі ўніверсітэт, ужо маючы ступень магістра свабодных навук. Гэту навучальную ўстанову Скарына выбраў для атрымання ступені доктара медыцыны.

Беднага, але здольнага юнака да экзаменаў дапусцілі. Два дні ў дыспутах з выдатнымі вучонымі абараняў ён свае навуковыя тэзісы.

Читайте также:  Алфавит японского языка с русским переводом

9 лістапада 1512 г. у біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых вучоных Падуанскага ўніверсітэта і высокіх асоб каталіцкай царквы Скарына быў абвешчаны доктарам у галіне медыцынскіх навук.

Гэта была знамянальная падзея ў яго жыцці і гісторыі культуры Беларусі: купецкі сын з Полацка пацвердзіў, што здольнасці і прызванне больш вартыя, чым арыстакратычнае паходжанне. Яго партрэт, створаны ўжо ў сярэдзіне ХХ ст., знаходзіцца ў мемарыяльнай зале сярод 40 партрэтаў знакамітых еўрапейскіх навукоўцаў, што выйшлі са сцен Падуанскага ўніверсітэта.

Скарына меў таксама ступень доктара вольных навук, якія вывучаліся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах пад назвай «сем вольных навук» (граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка).

Дзейсці пасля 1525 года першадрукар ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка Маргарытай. Францыск Скарына служыў лекарам і сакратаром у віленскага біскупа.

Вельмі цяжкім быў для Скарыны 1529 год. Летам, у Познані, памёр яго брат Іван. Францыск паехаў туды, каб заняцца спадчынай нябожчыка. У тым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон.

У лютым 1532 года Францыск быў арыштаваны па неабгрунтаванай і нічым не падмацаванай даўгавой прэтэнзіі крэдытораў брата-нябожчыка Івана і бязвінны аказаўся ў турме Познані. І толькі па хадайніцтву сына нябожчыка Івана — пляменніка Рамана — быў рэабілітаваны.

Мяркуецца, што ў канцы 1520 – пачатку 1530-х гадах першадрукар наведваў Маскву, куды вазіў свае выдадзеныя «руским» шрыфтам кнігі. Даследчыкі жыццёвага і творчага шляху Скарыны мяркуюць, што ў 1525 годзе ён выязджаў у германскі горад Вітэнберг, цэнтр Рэфармацыі, дзе сустракаўся з ідэолагам нямецкіх пратэстантаў Марцінам Лютэрам.

У 1530 годзе па запрашэнні герцага Альбрэхта ездзіў у Кёнігсберг па справах кнігадрукавання.

У сярэдзіне 1530-х гадах Скарына пераехаў у Прагу. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда І на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка ў адкрытым батанічным садзе ў каралеўскім замку Градчаны.

Даследчыкі лічаць, што пры чэшскім каралеўскім двары ён, хутчэй за ўсё, выконваў абавязкі кваліфікаванага вучонага-садавода. Годнасць доктара «в лекарских науках», атрыманая ім у Падуі, патрабавала пэўных ведаў па батаніцы.

З 1534 ці 1535 года Францыск ў Празе працаваў каралеўскім батанікам.

Памёр першадрукар не пазней за 29 студзеня 1552 году. Пра гэта сведчыць грамата караля Фердынанда І, дадзеная сыну Францыска Скарыны Сімяону, якая дазваляла апошняму карыстацца ўсёй захаванай спадчынай бацькі: маёмасцю, кнігамі, пазыковымі абавязкамі.

Кнігавыдавецкая і асвецніцкая дзейнасць

Дзейсці паміж 1512–1517 гг. вучоны з’явіўся ў Празе – цэнтры чэшскага кнігадрукавання.

Для перакладу і выдання Бібліі яму было патрэбна не толькі азнаёміцца з чэшскай біблеістыкай, але дасканальна ведаць і саму чэшскую мову. У Празе Францыск заказвае друкарскае абсталяванне і прыступае к перакладу і каментаванню кніг Бібліі.

Кнігавыдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны спалучала вопыт еўрапейскага кнігадрукавання і традыцыі беларускага мастацтва.

Першым з пражскіх выданняў Бібліі быў Псалтыр (1517 год).

Ф. Скарына зрабіў пераклад Бібліі на мову, набліжаную да беларускай і зразумелую простаму люду — царкоўнаславянскую мову ў беларускай рэдакцыі.

Пры падтрымцы мецэнатаў (віленскага бургамістра Якуба Бабіча, радцаў Багдана Онкава і Юрыя Адверніка) выдаў у 1517-1519 гадах у Празе на старабеларускай мове 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету (у паслядоўнасці: Псалтыр (6.08.1517), Кніга Іова (6.10.1517), Прытчы Саламона (6.10.2517), Ісус Сірахаў (5.12.1517), Эклезіяст (2.01.1518), Песня Песняў (9.01.1517), Кніга Прамудрасць Божая (19.01.1518), Першая кніга Царстваў (10.08.1518), Другая кніга Царстваў (10.08.1518), Трэцяя кніга Царстваў (10.08.1518), Чацвёртая кніга Царстваў (10.08.1518), Ісус Навін (20.12.1518), Юдзіф (9.02.1519), Суддзі (15.12.1519), Быццё (1519), Выхад (1519), Левіт (1519), Руф (1519), Лічбы (1519), Другі закон (1519), Эсфір (1519), Плач Ераміі (1519), Прарока Данііла (1519)) пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(е)сти и людым посполитным к доброму научению».

Кожная з біблійных кніг выходзіла асобным выпускам, з тытульнай старонкай, мела ўласную прадмову i пасляслоўе. Пры гэтым выдавец трымаўся адзiных прынцыпаў падачы тэксту (аднолькавыя фармат, паласа набору, шрыфт, мастацкае афармленне) i тым самым прадугледжваў магчымасць звядзення ўсiх выданняў пад адну вокладку.

У кнігах змешчана 51 гравюра—друкаваныя адбіткі на паперы з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

Францыск Скарына тройчы надрукаваў у выдадзеных ім кнігах уласны партрэт. Гэта адзіны выпадак за ўсю гісторыю выданняў Бібліі ва Ўсходняй Еўропе.

На тытульным аркушы Бібліі адлюстравана, як лічаць даследчыкі, выява пячаткі (герба) Скарыны як доктара медыцыны.

Пераклад Скарыны кананічна дакладны ў перадачы літары і духу біблейскага тэксту, не дапускае вольнасці і дапісак тлумачальніка, зберагае адпаведны старажытнаяўрэйскаму і старажытнагрэчаскаму арыгіналу іменны стан мовы.

Кнігі Скарыны заклалі грунт для ўнармавання беларускай літаратурнай мовы, сталі першым перакладам Бібліі на ўсходнеславянскую мову.

Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме каментаваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі аб гістарычных, побытавых, багаслоўскіх, моўных абставінах і рэаліях. У тэалагічным кантэксце асноўнае месца ў прадмовах і сказаннях Скарыны займала экзагеза — тлумачэнне зместу кніг Старога Запавету як прадвесця і прароцтва новазапаветных падзей, перамогі хрысціянства ў свеце і надзеі на вечнае духоўнае выратаванне.

Каля 1520 года Францыск заснаваў друкарню ў Вільні. Магчыма, што перанесці друкарню ў Вільню яго вымусіла жаданне быць бліжэй да свайго народа, для асветы якога ён і працаваў. Памяшканне пад друкарню Скарыне адвёў у сваім уласным доме галава магістрата Вільні, «найстаршы бурмістр» Якуб Бабіч.

Першае віленскае выданне — «Малая падарожная кніжка». Гэту назву Скарына даў сукупнасці выданняў, выпушчаных ім у Вільні каля 1522 года.

Усяго ў склад «Малой падарожнай кніжкі» ўваходзяць: «Псалтыр», «Часасловец», «Акафіст Гробу Гасподняму», «Канон Жыватворнаму Гробу », «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст Крыжу Гасподняму», «Канон Крыжу Гасподняму», «Акафіст Іісусу», «Канон Іісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаянны», “Канон у суботу на ютрані”, «Саборнік», у які ўключаны «Святцы» і «Пасхалія», а таксама агульнае пасляслоўе «Писаныи речи в сей Малой подорожной книжце по ряду кратце положены суть».

Гэта быў новы ва ўсходнеславянскім кніжным пісьменстве тып зборніка, адрасаваны як людзям духоўнага звання, так і свецкім — купцам, службовым асобам, рамеснікам, воінам, якія па характары сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць і ў дарозе атрымліваць духоўную падтрымку, карысную інфармацыю, а пры неабходнасці прыгадаць і словы малітваў.

Читайте также:  Адобе аудишн как сменить язык в

Выдадзеныя Скарынам «Псалтыр» (1522) і «Апостал» (1525) складаюць асобную групу не перакладных, але адаптаваных з іншых царкоўнаславянскіх крыніц кніг з набліжэннем да народнай мовы.

У 1525 годзе Скарына выпусціў у Вільні кірыліцай адну з найбольш распаўсюджаных кніг – Апостал («Книга деания и послания апостольская, зовемая Апостол»). Гэта было яго першае дакладна датаванае і адначасова апошняе па часе друкавання выданне, выпуск якога быў лагічным і заканамерным працягам справы выдання біблейскіх кніг, пачатай яшчэ ў Празе. Як і «Малая падарожная кніжка», «Апостал» 1525 года прызначаўся для шырокага кола чытачоў. У шматлікіх прадмовах да кнігі, а ўсяго асветнік напісаў да «Апостала» 22 прадмовы і 17 пасляслоўяў, апісваецца змест раздзелаў, асобных пасланняў, растлумачваюцца «цёмныя» выразы. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны «Деяния светых апостолъ книгъ предмова». У ёй усхваляецца хрысціянская вера, звяртаецца ўвага на маральна-этычныя нормы грамадскага чалавечага жыцця.

Выданні Скарыны садзейнічалі ўмацаванню хрысціянскіх асноў жыцця беларускага народу. Яны былі распаўсюджаны і на Украіне. Захаваўся экзэмпляр кнігі Ісуса сына Сірахава з Кіева-Пячэрскага манастыру. Знаемыя з Бібліяй Скарыны былі і ў Ноўгарадзе.

Мірапогляд

Погляды Францыска Скарыны сведчаць пра яго як асветніка і патрыёта.

У тэкстах Бібліі асветнік Скарына паўстае чалавекам, які садзейнічае пашырэнню пісьменнасці, ведаў. Аб гэтым сведчаць такія радкі: «Усялякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне — люстра нашага жыцця, лекі для душы».

Францыск Скарына — пачынальнік новага разумення патрыятызму: як любові і павагі да сваёй Бацькаўшчыны. З патрыятычных пазіцый успрымаюцца наступныя яго словы: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнезда своя; рібы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако же и люди, и где зародилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». І гэта да нас, сёняшніх жыхароў Беларусі, звернуты яго словы, каб людзі «… всякого тружения и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея не лютовали».

Скарына пакінуў свой маральны запавет у наступных радках, якія змяшчаюць мудрасць чалавечага жыцця і ўзаемаадносін людзей: «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бывает: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети. Сей закон прироженый есть к серии единою кажного человека»

З імем Скрыны звязана станаўленне і развіццё беларускай мовы, нацыянальнай пісьменнасці. Ён спалучыў у сябе высокадухоўную асобу для якой Бог і чалавек неразлучныя.

Сёння ў гонар Скарыны названы вышэйшыя ўзнагароды Беларусі: ордэн і медаль. Яго імя носяць навучальныя ўстановы і вуліцы, бібібліятэкі і грамадскія аб’яднанні. Помнікі Скарыне размешчаны ў Полацку, Мінску, Лідзе, Калініградзе, Празе.

Материал подготовили : Сакалоўскі А.А. / Самайлюк Т.А.

Библия в переводе и издании доктора Франциска Скорины http://www.blagobor.by

Францыск Скарына www.tbm-mova.by

Источник

Францыск Скарына (1490–1551), першадрукар, мысліцель-асветнік, гуманіст, пісьменнік, мастак-графік

Асоба Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.

Многае з жыцця славутага гуманіста застаецца нявысветленым да нашага часу, нягледзячы на намаганні вучоных, якія займаліся даследаваннем жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны на працягу некалькіх стагоддзяў. Дакладных звестак пра час яго нараджэння не выяўлена. Каля 1490, да 1490, у 1485–1490 гг. – такія даты прыводзяць розныя даследчыкі.

Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць па Псалтыры і пісаць кірылічнымі літарамі. Мову тагачаснай навукі – латынь – ён засвойваў, хутчэй за ўсё, у школе пры каталіцкім касцёле ў Полацку ці Вільні. У 1504 г. дапытлівы і прадпрымальны палачанін паступіў ва універсітэт у Кракаве, які на той час славіўся ў Еўропе сваім факультэтам вольных мастацтваў, дзе вывучалі граматыку, рыторыку, дыялектыку (цыкл “трывіум”) і арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку (цыкл “квадрывіум”). Навучанне ва універсітэце дазволіла Скарыну зразумець, які шырокі кругагляд, практычныя веды нясуць чалавеку “сем вольных мастацтваў”. Усё гэта ён бачыў у Бібліі і ўсю будучую перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць накіраваў на тое, каб зрабіць яе даступнай “людем посполитым”. У 1506 г. Скарына атрымаў сваю першую вучоную ступень бакалаўра.

Каб працягваць вучобу на самых прэстыжных факультэтах універсітэтаў Еўропы, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Скарыну трэба было атрымаць яшчэ і ступень магістра мастацтваў. Дакладна невядома, зрабіў ён гэта ў Кракаўскім ці якім іншым універсітэце, але ў 1512 г. прыбыў у Італію ў праслаўлены Падуанскі універсітэт ужо маючы ступень магістра свабодных навук. Гэту навучальную ўстанову Скарына выбраў для атрымання ступені доктара медыцыны. Беднага, але здольнага юнака да экзаменаў дапусцілі. Два дні ў дыспутах з выдатнымі вучонымі абараняў ён свае навуковыя тэзісы. 9 лістапада 1512 г. у біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых вучоных Падуанскага універсітэта і высокіх асоб каталіцкай царквы Скарына быў абвешчаны доктарам у галіне медыцынскіх навук. Гэта была знамянальная падзея ў яго жыцці і гісторыі культуры Беларусі: купецкі сын з Полацка пацвердзіў, што здольнасці і прызванне больш вартыя, чым арыстакратычнае паходжанне. Пасля атрымання вышэйшага вучонага тытула звесткі пра Скарыну губляюцца на пяць гадоў. Недзе паміж 1512–1517 гг. вучоны з’явіўся ў Празе – цэнтры чэшскага кнігадрукавання.

Першадрукар выдаў пераважную большасць вядомых тады кніг Старога Запавету, прычым выбраў з Бібліі самыя важныя і цікавыя для чытача кнігі, менавіта тыя, якія ў тагачасных умовах маглі быць выкарыстаны ў асветніцкіх і выхаваўчых мэтах, з’яўляліся навучальнымі выказваннямі старажытных мудрацоў, змяшчалі звесткі па старажытнай гісторыі, летапісныя эпізоды і любоўныя песні. Да таго ж пад уплывам новых павеваў у грамадскай думцы Скарына жадаў вывесці Свяшчэннае Пісанне з абмежаванага царкоўнага ўжытку і зрабіць яго здабыткам шырокіх мас грамадства.

Пашырыць кругагляд чытача, узбагаціць яго канкрэтнымі ведамі, наблізіць Біблію да духоўных патрэб свайго часу першадрукар імкнуўся і праз прадмовы, якія ўвёў у шырокі ўжытак, надаў ім філасофска-асветны, навучальна-пазнавальны і маральна-эстэтычны змест. У гэтым жанры ён усебакова выявіў сябе як пісьменнік, перакладчык, вучоны і выдавец. Усяго Скарыну належаць 50 прадмоў (не толькі да Бібліі). У іх першадрукар часта спасылаецца на антычных гістарычных асоб, дае звесткі па гісторыі і геаграфіі краін Блізкага Усходу, упамінае пра асобныя знамянальныя падзеі ў гісторыі сусветнай культуры, імкнецца зацікавіць чытача светам прыроды.

Читайте также:  Задания на цифры для детей английский язык

У 1520–1521 гг. Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню. Невядома, што прымусіла яго зрабіць такі крок. Была гэта рэакцыя на дзейнасць каталіцкай царквы, якая пачала ў Чэшскім Каралеўстве праследаваць Рэфармацыю, а заадно і ўсіх іншаверцаў, ці страшны памор у чэшскай сталіцы. Магчыма, што перанесці друкарню ў Вільню яго вымусіла жаданне быць бліжэй да свайго народа, для асветы якога працаваў. Памяшканне пад друкарню Скарыну адвёў у сваім уласным доме галава магістрата Вільні, “найстаршы бурмістр” Якуб Бабіч.

Першае віленскае выданне – “Малая падарожная кніжка”. Гэту назву Скарына даў сукупнасці выданняў, выпушчаных ім у Вільні каля 1522 г. Усяго ў склад “Малой падарожнай кніжкі” ўваходзяць: Псалтыр, “Часасловец”, “Акафіст магіле Гасподняй”, “Канон магіле Гасподняй”, “Акафіст архангелу Міхаілу”, “Канон архангелу Міхаілу”, “Акафіст Іаану Прадцечы”, “Канон Іаану Прадцечы”, “Акафіст Багародзіцы”, “Канон Багародзіцы”, “Акафіст святым Пятру і Паўлу”, “Канон святым Пятру і Паўлу”, “Акафіст святому Міколе”, “Канон святому Міколе”, “Акафіст крыжу Гасподняму”, “Канон крыжу Гасподняму”, “Акафіст Ісусу”, “Канон Ісусу”, “Шасцідневец”, “Канон пакаяльны”, “Саборнік”, у які ўключаюцца “Святцы” і “Пасхалія”, а таксама агульнае пасляслоўе “Писаныи речи в сей Малой подорожной книжце по ряду кратце положены суть”. Гэта быў новы ва ўсходнеславянскім кніжным пісьменстве тып зборніка, адрасаваны як людзям духоўнага звання, так і свецкім – купцам, службовым асобам, рамеснікам, воінам, якія па характары сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць і ў дарозе атрымліваць канфесіянальную і астранамічную інфармацыю, а пры неабходнасці прыгадаць і словы малітваў.

У 1525 г. Скарына выпусціў у Вільні кірыліцай адну з найбольш распаўсюджаных кніг – Апостал (“Книга деания и послания апостольская, зовемая Апостол”). Гэта было яго першае дакладна датаванае і адначасова апошняе па часе друкавання выданне, выпуск якога быў лагічным і заканамерным працягам справы выдання біблейскіх кніг, пачатай яшчэ ў Празе. Як і “Малая падарожная кніжка”, Апостал 1525 г. прызначаўся для шырокага кола чытачоў. У шматлікіх прадмовах да кнігі, а ўсяго асветнік напісаў да Апостала 22 прадмовы і 17 пасляслоўяў, апісваецца змест раздзелаў, асобных пасланняў, растлумачваюцца “цёмныя” фразы. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны “Деания светых апостолъ книгъ предмова”. У ёй усхваляецца хрысціянская вера, звяртаецца ўвага на маральна-этычныя нормы грамадскага чалавечага жыцця.

Акрамя кніг Скарыны і судовых матэрыялаў, якія закраналі галоўным чынам сферу маёмасна-фінансавых адносін, няма іншых крыніц, якія б асвятлялі шматгранную дзейнасць першадрукара ў Вільні. Даследчыкі выказвалі меркаванне, што Скарына быў адным са складальнікаў Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 г., падтрымліваў сувязі з рознымі палітычнымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі ВКЛ. Несумненна, працягваў ён у гэтыя гады і медыцынскую практыку. Ва ўсіх афіцыйных дакументах таго часу адзначаецца яго вучоная годнасць – “в лекарских навуках доктора”. Кнігавыдавецкую дзейнасць Скарыны ў Вільні падтрымлівалі беларускія мяшчане і віленскія магнаты. Магчыма, што фінансавую падтрымку яму аказвалі яго брат, полацкі і віленскі купец Іван Скарына, а таксама “панскае і бурмістраўскае” брацтва, якое патраніравала некаторыя праваслаўныя цэрквы ў Вільні. Мяркуецца, што ў канцы 1520 – пачатку 1530-х гг. першадрукар наведваў Маскву, куды вазіў свае выдадзеныя “рускім” шрыфтам кнігі. Даследчыкі жыццёвага і творчага шляху Скарыны мяркуюць, што ў 1525 г. ён выязджаў у германскі горад Вітэнберг, цэнтр Рэфармацыі, дзе сустракаўся з ідэолагам нямецкіх пратэстантаў Марцінам Лютэрам. Мэты гэтай паездкі застаюцца нявысветленымі. Невядома таксама, чаму ў гэтым жа годзе спыніла сваю дзейнасць яго віленская друкарня. Недзе пасля 1525 г. першадрукар ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка Маргарытай, чым палепшыў сваё матэрыяльнае становішча, і разам з жонкай прыняў удзел у гандлёвай справе брата Івана. Вельмі цяжкім быў для Скарыны 1529 г. Летам у Познані памёр яго брат Іван. Францыск паехаў туды, каб заняцца спадчынай нябожчыка. У тым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон. Родзічы нябожчыцы падалі на першадрукара ў суд, патрабуючы падзелу маёмасці. Падзеі прымусілі Скарыну выехаць у 1530 г. у Кёнігсберг пад апеку герцага Альбрэхта, але недзе ў сярэдзіне 1530 г. ён пакінуў гэты горад для вырашэння судовых спраў, звязаных са спадчынай жонкі. З сабой у Вільню першадрукар тайна забраў двух падданых герцага – урача і друкара. Гэта сведчыць пра тое, што яшчэ ў пачатку 1530 г. ён меў на мэце прадоўжыць кнігадрукаванне ў Вільні. Невядома, якія абставіны канкрэтна перашкодзілі першадрукару здзейсніць яго планы. Да пачатку 1530-х гг. не засталося ў жывых ні аднаго з былых мецэнатаў Скарыны. Матэрыяльнае становішча яго пагоршылі судовыя цяжбы. У 1530 г. у Вільні быў вялікі пажар, але дом Маргарыты, значная частка друкарскіх матэрыялаў Скарыны засталіся цэлымі. У 1531 г. у горадзе ўзнікла эпідэмія, якая хутка распаўсюджвалася. У гэты час на Скарыну новай хваляй наваліліся крэдыторы брата. У лютым 1532 г. ён быў арыштаваны па неабгрунтаванай і нічым не падмацаванай даўгавой прэтэнзіі “іудзеяў-крэдытораў” Майсея і Лазара з Варшавы і Якаба з Познані. Але пакінуць Вільню Скарыну прымусілі не гэтыя падзеі. Свецкае кнігадрукаванне выклікала процідзеянне духавенства як каталіцкага, так і праваслаўнага. Сінод Віленскай епархіі ў 1526 г. прыняў рашэнне аб узмацненні барацьбы з рэфармацыйным павевам. Каталіцкі епіскапат Вільні не адабраў беспрэцэдэнтную дзейнасць першадрукара, вядомага сваімі сувязямі з гусіцкай Чэхіяй, “лютэранскімі” краінамі, які прызначаў свае кнігі “рускаму” насельніцтву ВКЛ. Невыпадкова віленскі капітул заказаў кнігі не ў віленскай друкарні Скарыны, а ў кракаўскіх выдавецтвах.

У сярэдзіне 1530-х гг. Скарына канчаткова пакінуў Вільню і пераехаў у Прагу. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда І на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка ў толькі што адкрытым батанічным садзе ў каралеўскім замку Градчаны. Даследчыкі лічаць, што пры чэшскім каралеўскім двары ён, хутчэй за ўсё, выконваў абавязкі кваліфікаванага вучонага-садавода. Годнасць доктара “в лекарских науках”, атрыманая ім у Падуі, патрабавала пэўных ведаў па батаніцы.

Памёр першадрукар не пазней за 29 студзеня 1552 г. Пра гэта сведчыць грамата караля Фердынанда І, дадзеная сыну Францыска Скарыны Сімяону, якая дазваляла апошняму карыстацца ўсёй захаванай спадчынай бацькі: маёмасцю, кнігамі, пазыковымі абавязацельствамі.

Источник

Интересные факты из жизни