Биография францишка богушевича на белорусском языке

Францішак Багушэвіч

Маладыя гады

Францiшак нарадзiўся ў 1840 годзе ў шляхецкай сям’i ў фальварку Свiраны паблізу Вiльні. Неўзабаве бацькi пераехалi ў свой маёнтак Кушляны непадалёку ад Ашмянаў. Там прайшло Францішкава дзяцiнства. Там у ягоным сэрцы назаўсёды пасялiлася любоў да роднай беларускай зямлi і роднай мовы.

Бацькi выправiлi сына вучыцца ў Вiленскую гiмназiю. Гiмназiчнымi сябрамi будучага паэта сталi разумныя i смелыя хлопцы Цiт i Кастусь Далеўскiя, Жыгімонт (Зыгмунт) Мiнейка, Юллян Чарноўскi. Яны ненавiдзелi расейскiя парадкi i марылi пра час, калi Бацькаўшчына здабудзе сабе незалежнасць. Надзейным Францiшкавым сябрам быў ягоны малодшы брат Валяр’ян, якi таксама вучыўся ў Вiльнi.

Гiмназiю Францiшак скончыў у лiку чатырох найлепшых вучняў. Добрыя веды дазволiлi яму паступiць у Пецярбургскі унiверсiтэт. Але вучыцца там Багушэвiчу не давялося.

Якраз тады царскiя ўлады ўвялi новыя унiверсiтэцкiя правiлы. Студэнтаў пазбавiлi шмат якiх правоў. Францiшак з таварышамi пастанавілі змагацца i адмовiлiся атрымаць свае залiковыя кнiжкi, куды выкладчыкi ставяць адзнакi. За гэта змагароў за справядлiвасць выключылi з унiверсiтэта.

Тым часам адзiн з першых беларускiх паэтаў XIX стагоддзя Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч заклiкаў адукаваных суайчыннiкаў несцi свайму народу веды. Вярнуўшыся з Пецярбурга ў Беларусь, Багушэвіч таксама пайшоў працаваць настаўнiкам у вясковую школку.

Сябры-паўстанцы

Калi пачалося паўстанне Кастуся Калiноўскага, Багушэвiч разам з братам Валяр’янам без ваганняў узяў у рукi зброю. Ён ваяваў за вызваленне Бацькаўшчыны ў аддзеле, якi ўзначальваў адважны паўстанцкi камандзiр Людвiк Нарбут. Гэты аддзел паспяхова змагаўся з расейскiмi карнiкамi ў наваколлi горада Лiды. Паўстанцаў падтрымлiвалi беларускiя сяляне. Разам з Багушэвiчам ваяваў мастак Мiхал Андрыёлi. Па нацыянальнасцi ён быў iтальянец, але сваёй радзiмай лiчыў Беларусь.

Паўстанцамi ў гераiчны 1863 год сталi i гімназічныя сябры Багушэвiча. За зброю ўзялiся тады ўсе лепшыя людзi нашага народа. Яны рызыкавалі сваiм жыццём, каб паказаць свету, што Беларусь не стала перад Расеяй на каленi i хоча быць свабоднай еўрапейскай краiнай. Пра гэта паўстанцы спявалi ў сваiх песнях. Некаторыя з тых песняў напiсаў Францiшак Багушэвiч, у якога ўжо абудзiўся паэтычны талент.

Цар кiнуў на паўстанцаў велiзарную, добра ўзброеную армiю. Супроць аднаго беларуса ваявала дзесяць, дваццаць, а часам i сто расейскiх салдатаў. У няроўным баi загiнуў Людвiк Нарбут. У Вiльнi карнiкi схапiлi i расстралялi сябра Багушэвiча Цiта Далеўскага.

У расстаннi з Беларуссю

У сутычцы з царскiмi карнiкамi Багушэвiч быў паранены. Яму ўдалося ўратавацца ад астрожнай камеры i кайданоў. Але за гэта Францiшак заплацiў доўгімі гадамi жыцця далёка ад роднай зямлі.

Былы паўстанец быў добрым канспiратарам. Ён пераехаў на Украiну i скончыў там юрыдычны лiцэй. Пасля гэтага Багушэвiч доўга працаваў судовым следчым на Украiне i ў Расеi.

Ён раскрыў шмат злачынстваў i дапамог многiм людзям. Францiшка паважалi, ён меў добрых сяброў і прыяцеляў.

Але сэрца клiкала яго туды, дзе жыў ягоны народ, дзе гучала багатая i мiлагучная беларуская мова, якую расейскiя чыноўнiкi называлi «мужыцкай» i «хамскай».

Зноў прайсцi па дарагiх яму з юнацтва вiленскiх вулiцах Багушэвiч змог толькi праз дваццаць гадоў.

Мужыцкi адвакат

Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Францiшак Багушэвiч уладкаваўся ў Вiльнi на пасаду адваката ў акруговым судзе. Адвакаты займалiся абаронаю абвiнавачаных i пацярпелых. Багушэвiч заўсёды найперш браўся за справы сялянаў і гарадскiх беднякоў. Простыя людзi паважалi яго i за тое, што з беларусамi ён заўсёды гаварыў па-беларуску.

Жыхары Вiльнi ды навакольных вёсак і мястэчкаў з любоўю называлi Францiшка Багушэвiча “мужыцкiм адвакатам”. Аднак яшчэ амаль нiхто не ведаў, што ён не толькi абараняў беларусаў у судах, але i складаў на беларускай мове вершы.

«Дудка беларуская»

Першыя вершы Францішак напiсаў па-польску. Але ён адчуваў сябе сынам не польскага, а беларускага народа. Свайму народу паэт i пастанавiў прысвяцiць жыццё і творчасць.

У 1891 годзе ўбачыла свет першая кнiга Францiшка Багушэвiча. Гэта быў зборнiк вершаў «Дудка беларуская». У царскай Расеi друкаваць кнiгi на нашай мове забаранялася. Таму «Дудка беларуская» была выдадзеная за мяжой, а на яе вокладцы замест сапраўднага прозвiшча аўтара стаяў псеўданiм. Псеўданiм — гэта прыдуманае iмя i прозвiшча, якiмі часам карыстаюцца пiсьменнiкi, артысты, мастакi ды iншыя творчыя людзi. Багушэвiч выбраў сабе псеўданiм Мацей Бурачок.

«Дудка беларуская» пачыналася з прадмовы, дзе Багушэвiч баранiў нашу родную мову, якую расейская ўлада забаранiла i ў школах, i ў друкарнях, i ў цэрквах ды касцёлах. Мацей Бурачок пiсаў, што толькi цёмныя людзi завуць беларускую мову “мужыцкай”. Ён раiў чытачам вывучаць суседскiя мовы, але найперш ведаць сваю. Народ, што забыў сваю родную мову, ён параўноўваў з чалавекам, якi хутка памрэ.

“Шмат было такiх народаў, — пiсаў Багушэвiч, — што страцiлi найперш мову сваю, як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым i зусiм замёрлi. Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлi. ”

Тады дзейнічаў царскi ўказ, які забараняў ужываць назву Беларусь у кнiгах i дакументах. Паэт смела сцвярджаў, што, нягледзячы на расейскi прыгнёт, Беларусь жыве. “Там яна, братцы, — гаварылася ў «Дудцы беларускай», — дзе наша мова жыве: ад Вiльнi да Мазыра, ад Вiцебска за малым не да Чарнiгава; там, дзе Горадня, Менск, Магiлеў, Вiльня i шмат мястэчкаў i вёсак”.

Кнiгу адкрываў верш «Мая дудка»:

Што ўсiм будзе чутка

Забароненыя кнiгi

Праз год пасля «Дудкi беларускай» гэтаксама за мяжой выйшла асобнаю кнiжкай апавяданне Багушэвiча «Тралялёначка», а следам за iм новы зборнiк вершаў «Смык беларускі».

У тым часе паэт атрымаў ад сваяка спадчыну. Грошы дазволiлi Багушэвiчу разлiчыцца з пазыкамi i адбудаваць бацькоўскую сядзiбу ў Кушлянах. Ён звольнiўся са службы i цалкам аддаўся літаратурнай творчасцi.

Багушэвiч пiсаў новыя кнiгi, складаў слоўнiк беларускай мовы. Ягоныя вершы i апавяданнi вучылi людзей шанаваць родную мову, баранiць свой край ад чужынскай набрыдзі.

Пры жыццi Францiшка Багушэвiча яго творы былi забароненыя расейскімі чыноўнікамі. Дагэтуль невядома, дзе схавалi яны рукапiс ягонай трэцяй паэтычнай кнiжкi «Скрыпка беларуская». Знік з Віленскай друкарні і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка».

Але насуперак усяму гэтаму справа Багушэвіча засталася жыць. Творы паэта клiкалi на барацьбу за вызваленне нашай краiны ад расейскага панавання.

Запавет Францiшка Багушэвiча не забываць сваёй мовы, размаўляць на ёй, каб жыла Беларусь, мы павiнны памятаць i сёння. Бо калі не будзе беларускай мовы, знікне і нашая краіна.

Пытаннi i заданнi

1. Раскажы пра дзяцiнства i юнацтва Францiшка Багушэвiча.

2. Чаму Багушэвiч i ягоныя сябры сталi паўстанцамi? Дзе i разам з кiм ваяваў будучы паэт?

3. Што сталася з Багушэвiчам пасля паўстання 1863 года?

4. За што Францiшка Багушэвiча называлi “мужыцкiм адвакатам”?

5. Як называлася першая кнiга нашага знакамiтага паэта?

6. Пра што “Мацей Бурачок” пiсаў у прадмове да сваёй «Дудкi беларускай»?

7. Што ты даведаўся пра iншыя кнiгi Багушэвiча?

8. За што мы шануем Францiшка Багушэвiча сёння?

9. Якi верш Багушэвiча ты ведаеш? Прачытай яго на памяць.

10. Які галоўны запавет пакінуў нам Францішак Багушэвіч?

Читайте также

Францішак Скарына

Францішак Скарына Дзіцячыя гадыБудучы славуты сын нашага народа нарадзіўся пяцьсот гадоў таму ў старажытным Полацку.Некалькі стагоддзяў Полацак быў самым буйным і багатым горадам у Вялікім Княстве Літоўскім. Тут жыло шмат майстроў і купцоў, якія гандлявалі таварам у

Читайте также:  Есть ли способность к языкам как проверить

Источник

Беларуская літаратура. 10 клас

Францішак Багушэвіч

* Біяграфія

Падчас паўстання 1863—1864 гадоў былы настаўнік Доцішскай школы Францішак Багушэвіч ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута. У сутычцы з рускай арміяй ён быў паранены. Ад смерці пісьменніка выратавалі сяляне. Праз колькі гадоў юрыст Багушэвіч стане «сялянскім адвакатам» і будзе бясплатна абараняць правы простых людзей у судзе.

Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны каля Вільні. Сям’я паходзіла са старадаўняй збяднелай шляхты.

Бацька паэта Казімір Багушэвіч мусіў даказваць сваё шляхецтва ў геральдычнай камісіі расійскага Сената. Неўзабаве пасля нараджэння Францішка Багушэвічы пераехалі ў спадчынны маёнтак Кушляны, што ў Ашмянскім павеце. Там прайшло дзяцінства хлопчыка. Пачатковую адукацыю ён атрымаў, хутчэй за ўсё, дома, а працягнуў вучобу ў Віленскай гімназіі. У навучальнай установе Багушэвіч надзвычай зацікавіўся гісторыяй і нават прыняў удзел у збіранні экспанатаў для Віленскага музея старажытнасцей.

Ёсць вялікая верагоднасць таго, што ў Вільні Францішак пазнаёміўся з вядомым польска­беларускім паэтам Уладзіславам Сыракомлем. Ва ўсякім разе Францішак быў запрошаны на адкрыццё музея, дзе прысутнічала ледзь не ўся інтэлектуальная эліта: Адам Кіркор, Яўстах Тышкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Ігнат Ходзька. Словам, паэт трапіў у кола патрыятычна настроеных, надзвычай адукаваных і прагрэсіўных людзей, якія, безумоўна, паўплывалі на яго сталенне. Атмасфера ў гэтым асяроддзі нагадвала тую, што некалі была сярод філаматаў і філарэтаў, і зусім невыпадкова, што менавіта філаматы (Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан) сталі для Багушэвіча своеасаблівым маральным і жыццёвым арыенцірам.

У 1861 годзе Францішак Багушэвіч завяршыў навучанне ў гімназіі. Яго прозвішча згадвалася ў ліку лепшых выпускнікоў. Наперадзе — бліскучыя перспектывы. Паэт паступіў на фізіка­матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак вучыцца там яму не давялося. Пачаліся студэнцкія хваляванні супраць новых правілаў, якія абмяжоўвалі правы студэнтаў. У лістападзе Францішак Багушэвіч прасіў рэктара аб звальненні «з прычыны цяжкай хваробы». Тым часам студэнцкі пратэст стаў такім сур’ёзным, што хутка прашэнне аб звальненні падаў сам рэктар, а напрыканцы снежня ўніверсітэт наогул быў часова закрыты ўладамі.

Таленавіты юнак вярнуўся на Радзіму, дзе вучыў беларускіх дзетак у прыватнай школе на Лідчыне. Беларусь (як і іншыя землі былой Рэчы Паспалітай) знаходзілася ў перадрэвалюцыйным стане, людзі марылі аб свабодзе. У 1863 годзе выбухнула паўстанне, і Францішак Багушэвіч прыняў у ім удзел. Змагаўся ў Аўгустоўскіх лясах, дзе быў паранены. Нейкім цудам яму ўдалося пазбегнуць трагічнага лёсу кіраўнікоў паўстання. Багушэвіч быў вымушаны скрывацца, з’ехаць з Беларусі на тэрыторыю Украіны, хоць у тагачасных умовах гэта было перамяшчэнне ў межах адной дзяржавы — Расійскай імперыі.

У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў толькі ў 1868 годзе. Гэта быў надзвычай складаны перыяд жыцця паэта: яму даводзілася літаральна змагацца за жыццё, хапацца за любую магчымасць зарабіць на кавалак хлеба. Атрымаўшы атэстат, Багушэвіч спачатку пераехаў у Чарнігаў, потым — у Кралявецкі павет, потым зноў у Чарнігаў. Працаваў судовым следчым.

У 1871 годзе яго перавялі ў Валагодскую губерню. Для такіх частых пераездаў, зразумела, была свая прычына — былы паўстанец скрываўся, не мог рабіць кар’еру, бо гэта прыцягнула б да яго залішнюю ўвагу. Толькі ў 1883 годзе, праз 20 гадоў пасля паўстання, пасля каранацыі Аляксандра ІІІ была аб’яўлена амністыя. Тады сотні «ўдзельнікаў польскага мяцяжу» пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну.

У 1884 годзе Францішак Багушэвіч прыехаў у Вільню, прывёз небагаты набытак, а таксама жонку Габрыэлю, якая нарадзіла яму дачку Канстанцыю і сына Тамаша.

На Радзіме Багушэвіч зарабляў на жыццё адвакацкай дзейнасцю, пры гэтым набыў рэпутацыю абаронцы мужыкоў. З бедных людзей Багушэвіч грошы не браў, чым ускладняў і без таго няпростае матэрыяльнае становішча ўласнай сям’і.

Першыя вядомыя паэтычныя спробы Францішка Багушэвіча датуюцца 1880 годам, хаця не выключана і тое, што да мастацкага слова паэт звяртаўся значна раней, яшчэ падчас свайго навучання ў Нежынскім ліцэі.

Паэтычныя зборнікі Францішка Багушэвіча выклікалі неадназначную рэакцыю ў сучаснікаў. Знаходзіліся «добразычліўцы», якія папракалі паэта ў залішняй увазе да «мужыцкай» мовы і культуры. Надзвычай прыхільна да беларускамоўных вершаў Багушэвіча паставілася пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна адзначыла і мілагучнасць, і хараство беларускай мовы, і багатую палітру паэтычнага таленту аўтара «Дудкі беларускай».

У 1891 годзе ў Кракаве першы зборнік паэта «Дудка беларуская» выйшаў неверагодным па тым часе тыражом у 3000 экзэмпляраў і актывізаваў кнігавыданне: пасля яго пачалі штогод выходзіць кнігі па­беларуску, аўтарскія або перакладныя. Беларуская мова ў ім перадавалася не кірылічным, а лацінскім
шрыфтам — беларускай лацінкай. Зборнік складаўся з 16 вершаў і паэмы «Кепска будзе!». Самыя вядомыя публіцыстычныя вершы гэтай кнігі — «Мая дудка», «Бог не роўна дзеле», «Праўда».

У 1907 годзе, праз сем гадоў пасля смерці Францішка Багушэвіча, кніга «Дудка беларуская» была перавыдадзена суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ў дарагім (50 капеек) і танным (25 капеек) афармленні. Потым кніга вытрымала яшчэ пяць перавыданняў і была адной з самых шматтыражных на мяжы стагоддзяў.

Францішак Багушэвіч узяў сабе псеўданім — Мацей Бурачок. Такое імя спатрэбілася, каб чытач хутчэй даверыўся аўтару, які нібыта быў такім самым селянінам, а не збяднелым шляхціцам татарскага паходжання, кім па крыві насамрэч быў Францішак Багушэвіч.

Навукоўцы гавораць. Паводле Ігара Запрудскага, псеўданімы Мацей і Сымон былі абраныя Францішкам Багушэвічам невыпадкова: Мацей выступае як «той, хто гаворыць», а Сымон (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы) — як «той, хто чуе». Так, у другім зборніку «Смык беларускі» паэт зрабіў адсылку да першай кнігі: быццам бы Сымон Рэўка з­пад Барысава, прачытаўшы «Дудку беларускую» Мацея Бурачка, пачуў беларускае слова і таксама стаў пісаць.

Другі прыжыццёвы зборнік «Смык беларускі» Францішак Багушэвіч выдаў, хутчэй за ўсё, у Познані ў 1894 годзе.

Навукоўцы гавораць. Верш «Смык», што даў назву другой кнізе паэта, верагодна, прысвечаны яго дачцэ Канстанцыі (Туні), на будучыню якой паэт ускладаў шмат спадзяванняў, нават вазіў яе ў Дрэздэн для навучання музыцы і спевам. Дзяўчына раптоўна страціла свой чароўны голас. А смык — гэта музыкатворчы інструмент, які павінен быў даць голас, відаць, не толькі самому паэту (Паводле Ігара Запрудскага).

Як і першая кніга, ён быў надрукаваны лацінкай, хоць пазней перавыдаваўся і кірыліцай. Падобна да таго, што, ужываючы некалькі псеўданімаў, Францішак Багушэвіч імітаваў наяўнасць актыўнага літаратурнага жыцця, прысутнасць на беларускім паэтычным Парнасе адразу некалькіх аўтараў. «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка” — вот і мы зробім музыку». Гэта спатрэбілася, каб давесці чытачу, што беларусы нарэшце абудзіліся, што ўсё часцей з іх шэрагаў выходзяць паэты, а значыць, ёсць надзея на нацыянальнае і сацыяльнае адраджэнне.

Увогуле, тагачасныя псеўданімы мелі шмат функцый. Даследчыца Жанна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што прыналежнасць да шляхецкага саслоўя была ў ХІХ стагоддзі спосабам ідэнтыфікацыі: калі шляхціц, то паляк. Прычым слова «паляк» выкарыстоўвалася для абазначэння не этнічнай, а дзяржаўнай прыналежнасці.

У гэтых умовах Францішак Багушэвіч напісаў: «Маліся ж, бабулька, да Бога, каб я панам ніколі не быў», сцвярджаючы нешляхецкую і няпольскую нацыянальную прыналежнасць мясцовага насельніцтва. З той жа прычыны Цётка ў прадмове да «Скрыпкі беларускай» звярталася да чытачоў ад імя Гаўрылы з Полацка — тутэйшага чалавека: «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова “тутэйшы” мне нексьць не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі “Дудка” Мацея Бурачка». Іншымі словамі, Цётка, як і многія чытачы твораў Францішка Багушэвіча, зразумела беларускасць гэтага аўтара праз яго адмаўленне ад «шляхецкасці» на карысць «мужыцкасці», што паказвалі і абраныя ім псеўданімы — Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Змест зборніка «Смык беларускі» вельмі блізкі паводле сацыяльнай скіраванасці і вобразнага напаўнення да кнігі «Дудка беларуская». У яго ўвайшлі творы розных жанраў: вершы, песні, калыханка, балада, байка.

Навукоўцы гавораць. «Адзін сходзіць к народу са сваёю творчасцю. Другі сваёй творчасцю выходзіць з гэтага народу. Ад свету да народу — зверху ўніз — такі шлях Марцінкевіча (Дуніна-Марцінкевіча. — Аўт.) і, наадварот, ад народу да асветы — знізу ўверх — ішоў Францішак Багушэвіч» (Крытык Адам Бабарэка, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша» (1920-я гады)).

У 1896 годзе Францішак Багушэвіч неспадзявана атрымаў спадчыну і адбудаваў сядзібу ў Кушлянах. Паэт падаў у адстаўку і вырашыў прысвяціць астатак жыцця творчасці. У красавіку 1900 года пад страхой бацькоўскага дома Францішак Багушэвіч памёр, аднак пакінуў пра сябе самую светлую памяць, застаўся ў гісторыі Беларусі як адзін з пачынальнікаў новай нацыянальнай літаратуры.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Францішак Багушэвіч даў беларускай літаратуры ўзор аўтарскай сялянскай паэзіі. Нават псеўданімы падбіраў адпаведныя: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з­пад Барысава. Да яго беларускамоўныя творы былі альбо ананімныя, альбо напісаныя шляхціцамі пра мужыкоў. Шляхціц жа Багушэвіч для актывізацыі літаратурнага працэсу пісаў ад імя селяніна.
2. Багушэвіч быў аўтарам першай цалкам беларускамоўнай кнігі паэзіі, стварыў першыя беларускія апавяданні «Тралялёначка», «Дзядзіна», «Палясоўшчык». З 1891 года, калі была выдадзена яго першая кніга, пачалі штогод выходзіць кнігі па­беларуску, аўтарскія альбо перакладныя.
3. Паэт сваёй творчасцю ініцыяваў узнікненне крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.
4. У прадмове да «Дудкі беларускай» Багушэвіч падняў статус беларускай мовы ад гаворкі да еўрапейскай мовы, абапіраючыся на звесткі па дэмаграфіі, гісторыі і геаграфіі Беларусі, якія таксама сталі адкрыццём для яго чытачоў.
5. Францішак Багушэвіч вызначыў развіццё беларускай літаратуры на некалькі дзесяцігоддзяў наперад: надзвычайная папулярнасць яго вершаў пра сялян і сялянскае жыццё паказала паэтам наступных пакаленняў запатрабаванасць і важнасць гэтай тэмы.

Источник

Францішак Багушэвіч

Ніколі не зарасце, не згубіцца дарога да нацыянальнай святыні, літаратурна-мемарыяльнага Музея-сядзібы аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, пісьменніка, публіцыста, перакладчыка Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.
Францішак Багушэвіч – самы яркі нацыянальны паэт XIX стагоддзя. Талент яго, гэты «Божы дар», дадзены яму ад прыроды, выдатна дачыніўся да станаўлення літаратуры, якую тады не прызнавалі, а калі прызнавалі, дык адгукаліся з вялікаю неахвотаю і пагардаю. Калі да Францішка Багушэвіча беларуская паэзія мела нешырокі рэзананс, дык пасля яго розгалас пра яе пайшоў па ўсім славянскім свеце. Менавіта творчасць Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе), хай сабе і невялікая, аднак яркая літаратурная спадчына, адназначна зацвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг. Францішак Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая «і ёсць адзежа душы», акрэсліваючы межы роднай старонкі: » Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…».
Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч нарадзіўся 21(9) сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны пад Вільняй, зараз Вільнюскага раёна Літвы. Бацька, Казімір Восіпавіч, і маці, Канстанцыя Галаўня, паходзілі з незаможнай мясцовай шляхты. Сям’я Багушэвічаў спачатку жыла ў Свіранах, але неўзабаве перабралася ў невялікі спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета (цяпер Смаргонскі раён). Там прамільгнула маленства Францішка. Дзіцячыя гады прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага. Тут палюбіў ён маляўнічыя краявіды роднай зямлі, адкрыў для сябе душэўную шчырасць, прыродную дабрыню і працавітасць мужыка-беларуса. Адсюль, з Кушлян, Францішак падаўся ў недалёкую Вільню па навуку. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у ліку найлепшых вучняў у 1861 годзе. У гэтым жа годзе паступіў і быў залічаны на першы курс Пецярбургскага універсітэта на фізіка-матэматычны факультэт, але Францішак Багушэвіч так і не распачаў вучобы, бо прыняў удзел у студэнцкіх хваляваннях і адмовіўся прыняць новыя універсітэцскія правілы, якія абмяжоўвалі правы навучэнцаў.
Такі паварот падзей вярнуў юнака на радзіму. У прыватнай школе, адкрытай на Лідчыне ўладальнікам маёнтка Доцішкі Аляксандрам Звяровічам, Францішак Багушэвіч навучае сялянскіх дзяцей зразумела, што не ў адпаведнасці з афіцыйнай ідэалогіяй, паводле якой «православие, самодержавие, народность – три незыблемые основы русского царства». Тут, у Доцішках, яго заспела паўстанне 1863 года. Ён выступаў са зброяй у руках пакуль не быў паранены ў Аўгустоўскіх лясах. Так ён шукаў праўду для зняволенага народа. Так падказвала яму сэрца і сумленне, урэшце, так дыктавала сямейнае выхаванне, гераічнае мінулае народа.
З-за пагрозы рэпрэсій на доўгіх дваццаць гадоў дваццацічатырохгадовы Францішак Багушэвіч вымушаны быў пакінуць Беларусь. Ён тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. У 1865-1868 вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Пасля вучобы быў памочнікам пісара пятага Чарнігаўскага губернскага праўлення, выконваючы абавязкі судовага следчага. Працаваў судзебным следчым у іншых гарадах, мястэчках, сёлах на Украіне і Расіі (Кралявец, Канатоп, Старадуб, Волагда і інш.). Але куды б ні трапляў Францішак Багушэвіч у пошуках прытулку і кавалка хлеба, душа і думкі яго заўсёды былі дома, у роднай Беларусі: «Умёр бы то, мусіць, я тут. Каб не жменька той роднай зямлі…» – пісаў паэт. У 1884 годзе ў Вільні з’явіўся грамадзянскі суд, суд прысяжных павераных. З’явіўся шчаслівы шанс вярнуцца ў Вільню, якая заўсёды была асяродкам развіцця культуры, свежай думкі. 25 сакавіка 1884 года – Францішак Багушэвіч ступіць на віленскі брук, убачыць горад сваёй маладосці. Цяпер ён быў ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкай, з якой узяў шлюб у 1874 годзе і ад якой меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. У Вільні намнога менш клопату ў саракачатырохгадовага Францішка Багушэвіча не стала. Ён працуе адвакатам судзебнай палаты. На гэтай пасадзе ён вядзе пераважна справы сялян і гарадской беднаты. Браўся за самыя складаныя і цяжкія судовыя справы. Прычым займаўся своеасаблівай адвакацкай дабрачыннасцю: спачувальна ставіўся да клопатаў сялян, абараняў іх бясплатна. І ўсё гэта на фоне таго, што грошай у сям’і не хапала. А самае галоўнае, што яго засмучала – ён не меў магчымасці друкаваць свае творы.
Пакуль што першымі, паводле храналогіі, вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча трэба лічыць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта?», напісаныя ў 1885-1886 гадах. Вершы дасылаліся ў лістах да Яна Карловіча, вядомага лінгвіста, этнографа, музыказнаўца, з якім, пасля вяртання на Радзіму, у Францішка Багушэвіча наладзіліся больш травалыя сувязі і якому Беларусь павінна быць удзячнай не толькі за выданне ў далейшым «кантрабандных» зборнікаў паэта, але і за нараджэнне Багушэвіча-публіцыста.
Першае вядомае публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 года на старонках польскага часопіса «Край», што выдаваўся ў Пецярбургу. За сем гадоў (1885-1891) «Край» змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псеўданімамі. Супрацоўніцтва з гэтым выданнем з’явілася выдатнай школай для Багушэвіча-публіцыста.
Першыя свае друкаваныя вершы ўбачыў Францішак Багушэвіч толькі ў 1891 годзе. Менавіта тады ў Кракаве выходзіць першы паэтычны зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок. На поўную моц загучалі Багушэвічавыя строфы:

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!

У прадмове да зборніка ён піша: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай»… Я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова наша ёсць такая людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая…». Пасля Францыска Скарыны ўпершыню Францішак Багушэвіч заявіў аб сваёй прыналежнасці да нацыянальнага паэтычнага свету, да мовы народа, пра якую ён пакінуў свой мудры запавет: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як чалавек той прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі». Як было не пачуць закліку: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!». У зборнік увайшлі творы аб штодзённым побыце сялянства, напоўненыя горкімі скаргамі і прасякнутыя бязвыхаднымі трагічнымі інтанацыямі, а таксама гумарыстычныя вершы («Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка», «Воўк і авечка», «У судзе», «Думка» і інш.). Першы паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча паклаў пачатак таму, што беларуская кніга больш ніколі не спынялася на дарозе да беларускага чытача і стала з’яўляцца штогод. Сам жа Францішак Багушэвіч па-ранейшаму не выпускаў з рук сваёй дудкі-самаграйкі, пісаў і пісаў новыя вершы:

Ох, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я знік,
Абы голас даў;
Каб той голас чуць
Па усёй зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі.

Такой палкай споведзю пачынаўся другі паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча «Смык беларускі», што выйшаў у 1894 годзе ў Познані (па іншых звестках у нейкай літоўскай друкарні ва Усходняй Прусіі) пад новым псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава. «Смык беларускі» стаў кнігай больш антыпрыгонніцкай, антыпанскай, чым «Дудка беларуская». Да гонару Францішка Багушэвіча яго прыжыццёвыя зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» склалі вершы выключна на беларускай мове. Так прарываючы гнятлівую немату маўчання, цэнзурную перашкоду, на ўвесь голас, на беларускай мове, таленавіта грала чыстая і непадкупная дудка Францішка Багушэвіча. Ён яскрава паказаў, што можна і аднаму быць у полі Змагаром, калі ты Народны Паэт; і адзін Абаронца, калі ты жыццё і талент кладзеш за пакрыўджаных і бяздольных; калі, як Хрыстос, робіш усё, каб наталіць знявераных духоўным хлебам. Ён ніколі не парываў свае сувязі з народам, і дзякуючы менавіта Францішку Багушэвічу беларускі народ і беларуская літаратура набывалі сваё ўласнае імя.
Тэма народнага жыцця – цэнтральная ў творчасці паэта. Заслуга Францішка Багушэвіча ў тым, што ён стварыў тыповы вобраз селяніна-беларуса, паказаў яго не заскарузлым мужычком, нехлямяжым, вечным няўдачнікам, а дасціпным, мудрым, іранічным, з трывалымі жыццёвымі каранямі і глыбокай філасофіяй. Ён не толькі пакутнік, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, якога абдзірае казна, крыўдзіць суд і царскія чыноўнікі, але і праўдашукальнік, асоба з развітым пачуццём чалавечай годнасці.
Матывы паэзіі Францішка Багушэвіча самыя разнастайныя: сацыяльны аналіз рэчаіснасці («Гора», «Бог не роўна дзеле»), матывы праўдашукальніцтва («Праўда», «Думка», «Як праўды шукаюць»), маральная праблематыка («Ахвяра», «Не цурайся»), грэх і свабодалюбства («Кепска будзе!», «У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), міжнацыянальныя і міжканфесійныя зносіны («Жыдок», «Падарожныя жыды»), тэматычнае пашырэнне традыцыйнай «вясковай паэзіі» і нараджэнне так званай гарадской тэматыкі («Немец»). Вытокі яго творчасці цесна звязаны з фальклорам. Фальклорныя матывы назіраюцца ў цыкле «Песні», балады «Хцівец і скарб на святога Яна», «Балада», байка «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Воўк, ягня, авечка». Пад пяром паэта паўсталі і першыя парасткі мастацкай нацыянальнай прозы. Францішак Багушэвіч стаяў ля вытокаў беларускай мастацкай прозы. Праўда, празаічная спадчына яго значна меншая, чым паэтычная. У 1892 годзе ў Кракаве асобнай кнігай выйшла яго невялікае апавяданне «Тралялёначка», у якім пісьменнік яскрава ўвасобіў расслаенне беларускай вёскі. Твор гэты невялікі, але створаныя ў ім вобразы (асабліва Барткі Саска) вельмі каларытныя. Услед за «Тралялёначкай» у Кракаве выйшла яшчэ адна кніжачка-аповесць на беларускай мове без імя-псеўданіма і нават без назвы, прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894 годзе.
Калі раней у Францішка Багушэвіча была туга па Беларусі, то ў апошнія гады ён адчуваў тугу па бацькоўскай зямлі. І хоць тут ён бываў часта, бо жыў у Вільні, яго не пакідала мара вярнуцца ў Кушляны назаўсёды. Пасяліцца ў дарагім сэрцу кутку, жыць сярод простага вясковага люду. І гэта выразна чуецца ў яго вершаваных радках:

А хоць сілай нават адарвалі б з дому,
Калісьці вярнуўся б, як мядзьведзь да лому.
Заваліца хай хата, зарастуць пакосы,
Усё б вярнуўся, голы ды босы!

Ужо на схіле гадоў мара Францішка Багушэвіча збылася. У 1896 годзе ён нечакана атрымаў у спадчыну добрую суму грошай. Ён будуе ў Кушлянах новы дом і канчаткова тут пасяляецца. Францішак Багушэвіч шмат піша. А пісаць было пра што. У новым сваім доме Францішак Багушэвіч пражыў няшмат: усяго якія няпоўныя два гады. Але тут ён паспеў падрыхтаваць аж дзве новыя кнігі – зборнік прозы «Беларускія апавяданні Бурачка» і трэці паэтычны зборнік «Скрыпачка беларуская», якія ў 1899 годзе здаў у Віленскую губернскую друкарню і якія цэнзура не палічыла патрэбнымі. Забароненыя царскай цэнзурай, рукапісы гэтыя загінулі, а лёс іх і сёння невядомы. Пазней былі апублікаваны толькі яго навелы «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна». У Кушлянах Францішак Багушэвіч працягваў карпатлівую працу па складанню слоўніка беларускай мовы, марыў пра выданне граматыкі, але зрабіць усё гэта не паспеў.
28(15) красавіка 1900 года ў адзіных на Беларусі XIX стагоддзя ацалелых літаратурных пенатах перастала біцца сэрца Беларускага сына – Прарока. І народ, які змог нарадзіць такога Валадара Слова, ужо не маленькі народ. Францішак Багушэвіч – эпоха ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры.
Пахаваны Францішак Багушэвіч у Жупранах (цяпер Ашмянскі раён) на звычайных вясковых могілках побач з бацькамі і роднымі.
Сёння мы азіраемся ў мінулае, узгадваем Дудара Беларусі Францішка Багушэвіча, услухоўваемся і вывучаем гукі яго Дудкі. Сёння амаль кожны беларус ганарыцца светлым імем Францішка Багушэвіча і ўсім тым добрым, што ён зрабіў для нашага самапазнання Беларусі, сцвярджэння яе самабытнасці і незалежнасці.

Источник

Интересные факты из жизни